Архив за August 2008

Пілігрымка ў Уолсінгэм

Беларуская каталіцкая місія запрашае ўсіх на пілігрымку Пасагу Дзевы Марыі ў ангельскія Жыровічы – Уолсінгэм.

Уолсінгэм быў месцам пілігрымак з 1061 г., калі адна пабожная дама, Рычэльда з Фавэрш, збудавала ў ім копію Дому Сьвятое Сям’і з Назарэту. Ангельскі Назарэт, стагодзьдзямі наведваны людзямі з ўсёй Эўропы, быў разбураны ў 1538 г. Адраджэньне сьвятога месца пачалося у 1897 г., і ў 1934 Уолсінгэм быў абвешчаны Нацыянальнай Сьвятыняй Багародзіцы.

У нядзелю, найбліжэйшую да сьвята Нараджэньня Багародзіцы, 7 верасьня,  прадстаўнікі ўсіх этнічных супольнасьцяў Вэстмінстэрскай архідыядэзіі (Лёндан) зьбяруцца разам у Яе сьвятыні, каб падзякаваць Богу за Ягоныя ласкі да выгнанцаў са сваёй Айчыны і маліцца за навяртаньне Ангельшчыны, якая, нягледзячы на злыбеды Рэфармацыі, спрадвеку зьяўляецца Пасагам Дзевы Марыі.

Беларускія каталікі распачнуць аўтамабільную пілігрымку а 8.00 ў капліцы сьвятых Пятра і Паўла (39 Нolden Rd, N12 8HS) з абраду асьвячэньня харугвы Божае Маці Адзігітрыі (Правадніцы ў шлях). Пілігрымам варта ўзяць з сабой ў дарогу ежу. Пачатак урачыстасьці ў самім Уолсінгэм - 11.30

Кантактны тэлефон: 07886997305 (а. Сяргей)

Паніхіда ў Лёндане

8-10 жніўня два сябры Беларускай Нацыянальнай Памяці – ініцыятывы, якая паўстала ў асяродзьдзі студэнтаў-каліноўцаў у Варшаве (http://bielarusnp.blogspot.com)  наведалі Лёндан з мэтай далейшай дасьледчай працы ў бібліятэцы імя Ф. Скарыны, а таксама для ўзгадненьня ўсіх пытаньняў па аднаўленьні помніка Лявону Рыдлеўскаму.

Месца пахаваньня было адшуканае пад час папярэдняга візыту БНП у Лёндане з дапамогай гісторыка Натальлі Гардзіенкі. Нажаль, сьціплы помнік на лёнданскіх могілках Хампстэд са словамі “Лявон Рыдлеўскі. Жыў для Бога і Бацькаўшчыны”, які калісьці быў усталяваны на магіле ўдзельніка Слуцкага збройнага чыну, віцэ-прэзыдэнта Рады БНР у 50-я гг. , старшыні Саюзу беларусаў Францыі, не захаваўся. Таму Згуртаваньне Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) выступіла зь ініцыятывай аднавіць помнік да бліжэйных угодкаў Слуцкага збройнага чыну.
У суботу на магіле Л. Рыдлеўскага на могілках Хампстэд а. Сяргей Стасевіч адправіў паніхіду, якая завяршылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”. Грамада БНП таксама мела прыемную місію павіншаваць айца Аляксандра Надсана, які 8 жніўня адзначыў свой 82-гі дзень нараджэньня. Дзякуючы яго нязьменнай падтрымцы і дапамозе былі адшуканыя забытыя магілы некаторых беларускіх дзеячоў замежжа.