6 чэрвеня ў залі Беларускага рэлігійна-культурнага цэнтру ў Лёндане адбыўся штогадовы сход Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі - нашай найстарэйшай арганізацыі ў гэтай краіне.
Перад зьездам Управа згуртаваньня прыняла ў арганізацыю двух новых сяброў і надала ганаровае сяброўства а. Аляксандру Надсану і перакладчыцы Веры Рыч - за асаблівы ўнёсак у жыцьцё згуртаваньня і ўсёй беларускай супольнасьці Вялікабрытаніі.
Удзельнікі заслухалі справаздачы сяброў Управы і выбралі новы гэтага кіроўнага органу. У мінулым годзе сябры згуртаваньня бралі ўдзел у мерапрыемствах беларускай супольнасьці ў ЗША (зьезьдзе беларусаў Паўночнай Амэрыкі), Эстоніі (дзе з дапамагой згуртаваньня была ўсталяваная памятная шыльда на быдунку, у якім разьмяшчалася дыпляматычная місія ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі) і Беларусі (сьветлай памяці Гай дэ Пікарда, знаўца беларускай музыкі і сябра арганізацыі, быў пахаваны ў Чырвоным касьцёле ў Менску).
Сябры арганізацыі з зацікаўленьнем даведаліся пра пляны на наступны год: удзел прадстаўнікоў ЗБВБ у Зьезьдзе беларусаў сьвету ў ліпені гэтага году ў Менску, аднаўленьне помніку на магіле ўдзельніка Слуцкага паўстаньня Лявона Рыдлеўскага (пахаваны на могілках Гампстэд у Лёндане) і вяртаньне дому на Пэн Роўд у Лёндане - першага набытку беларускай грамады ў Вялікабрытаніі, - да ўжытку для сустрэчаў і пасяджэньняў ЗБВБ.
Сайт ЗБВБ - zbvb.org.uk
Рубрики 2009, ЗБВБ; Автор: belbritain; Нет комментариев