Пра сайт
Вэб-сайт Беларусы ў Брытаніі служыць усёй беларускай супольнасьці ў гэтае краіне. Ён не належыць ніводнай арганізацыі, але служыць патрэбам ды інтарэсам беларусаў, беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў. Праз распаўсюд інфармацыі мы імкнемся садзейнічаць усяму цікаваму й карыснаму, што нараджаецца ў беларускім жыцьці.
Электронная пошта для кантактаў:
editor[сьлімак]belarusians.co.uk
Наш сайт пачынаўся з адной старонкі пра Беларускую каталіцкую місію ў Лёндане. Было гэта ў жніўні 1999 г.
Другой старонкі чакаць доўга не давялося. Яна была пра Скарынаўскую бібліятэку; тады ж быў створаны “сайт-парасонік” для ўсіх нашых далейшых пачынаньняў - “Беларусы ў Вялікай Брытаніі”.
У 2000 г. мы напісалі, што наш сайт створаны для ўсёй беларускай супольнасьці ў Вялікабрытаніі і не належыць ніводнай паасобнай арганізацыі; што ўсе беларусы і нашыя брытанскія сябры могуць карыстацца ім дзеля пашырэньня сваіх ідэяў і ініцыятываў, але пры адной ўмове, што яны хацелі б, як і мы, бачыць Беларусь вольнай і дэмакратычнай. Стваралі вэб-сайт два студэнты зь Лёндану. Аднаго імя Ігар, другога - Павел.
Цягам некалькіх гадоў сайт існаваў толькі па-ангельску - нашыя веды пра інтэрнэт былі надзвычай сьціплыя, так што мы ня ведалі, як прымусіць ня вельмі новы Макінтош пісаць па-беларуску так, каб і карыстальнікі Віндаўзу маглі прачытаць. Дзякуй Скарынаўскай бібліятэцы й Каталіцкай місіі, без падтрымкі якіх сайту не было б зусім.
За два гады на сайтах пад парасонікам “Беларусаў у Вялікай Брытаніі” зьявілася звыш 200 старонак: артыкулы а.А. Надсана, дыскусіі пра наступствы Чарнобыля, матар’ялы Англа-беларускага таварыства і Таварыства Беларусь-Ірляндыя, публікацыі з штомесячнага Belarusian News Bulletin.
У дадзены момант наш сайт існуе ў выглядзе блога на самым папулярным у Беларусі партале. Скарыстацца з паслугаў tut.by было сьвядомым рашэньнем дзеля таго, каб наш сайт існаваў у беларускай інтэрнэт-прасторы, а не па-за ёй. У гэтым рашэньні ёсьць адмоўныя бакі: мы ня ў стане зьмяніць назвы разьдзелаў на беларускамоўныя. Гэта часовая праблема, несумненна.
Нам часта даводзілася чуць ад наведвальнікаў бібліятэкі ў Лёндане і ўдзельнікаў беларускіх вечарынаў і сьвяткаваньняў, што яны даведаліся пра беларускае жыцьцё ў Брытаніі праз наш сайт. У гэтым і заключаецца нашая адзіная мэта - дапамагчы беларусам і беларускім ініцыятывам не загаснуць на Імглістым Альбіёне.